Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 9 человек

АСАБЛІВАСЦІ АРГАНІЗАЦЫІ АДУКАЦЫЙНАГА ПРАЦЭСУ ПРЫ ВЫВУЧЭННІ ВУЧЭБНЫХ ПРАДМЕТАЎ «БЕЛАРУСКАЯ МОВА» І «БЕЛАРУСКАЯ ЛІТАРАТУРА»

Дата: 3 августа 2021 в 16:33
973 просмотра

1. Вучэбныя праграмы

У 2021/2022 навучальным годзе выкарыстоўваюцца наступныя вучэбныя праграмы:

Беларуская мова

Клас

V

VI

VII

VIII

IX

X

XI

баз. узр.

павыш. узр.

баз. узр.

павыш. узр.

Год зацвярджэння (выдання) вучэбнай праграмы

2017

2017

2017

2018

2019

2020

2020

2021

2021

Беларуская літаратура

Клас

V

VI

VII

VIII

IX

X

XI

баз. узр.

павыш. узр.

баз. узр.

павыш. узр.

Год

зацвярджэння (выдання) вучэбнай праграмы

2017

2017

2017

2018

2019

2020

2020

2021

2021

Усе вучэбныя праграмы размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале: https://adu.by/ Галоўная / Адукацыйны працэс. 2021/2022навучальны год / Агульная сярэдняя адукацыя / Вучэбныя прадметы. V–XI класы / Беларуская мова, Беларуская літаратура.

Звяртаем увагу, што ў сувязі з паэтапным пераходам на абноўлены змест адукацыі, накіраваны на рэалізацыю кампетэнтнаснага падыходу, у 2021/2022 навучальным годзе па новых вучэбных праграмах будуць займацца вучні XІ класа.

У змест вучэбных праграм унесены наступныя змены:

Вучэбны прадмет «Беларуская мова»

Змест навучання беларускай мове ў XІ класе (базавы ўзровень) уключае наступныя раздзелы: «Агульныя звесткі аб мове», «Стылістыка», «Сінтаксічныя і пунктуацыйныя нормы». Гэта дазваляе, абапіраючыся на сістэматычны курс беларускай мовы, вывучаны на працягу V–ІХ класаў, замацаваць і паглыбіць веды вучняў па сінтаксісе і стылістыцы беларускай мовы, удасканаліць арфаграфічную і пунктуацыйную пісьменнасць вучняў, асноўныя агульнавучэбныя ўменні.

Прыярытэтнай задачай профільнага навучання становіцца фарміраванне культуры вуснага і пісьмовага маўлення вучняў, таму засваенне і асэнсаванне ўсіх моўных адзінак адбываецца ў аспекце культуры маўлення, што і перадаюць назвы раздзелаў вучэбнай праграмы для ХІ класа (павышаны ўзровень): «Стылістыка», «Маўленчыя зносіны», «Сінтаксіс і пунктуацыя. Культура маўлення». З гэтай мэтай паглыбляюцца веды вучняў пра нормы сучаснай беларускай мовы, правілы маўленчых паводзін, сродкі і прыёмы маўленчай выразнасці, стылістычную ролю і тэкстаўтваральныя магчымасці моўных сродкаў, удасканальваюцца ўменні аналізаваць і ацэньваць чужыя і рэдагаваць уласныя выказванні.

Вучэбны прадмет «Беларуская літаратура»

Змест літаратурнай адукацыі ў XІ класе, як і ў Х класе, пабудаваны на гісторыка-храналагічным прынцыпе, што дазваляе прадоўжыць знаёмства вучняў, распачатае ў папярэдніх класах, з асаблівасцямі развіцця айчыннага мастацтва слова ў розныя перыяды і паспрыяе фарміраванню цэласнага гістарычнага падыходу да літаратурных з’яў, першапачатковаму разуменню ўзаемасувязей і ўзаемаўплываў у творчасці розных пісьменнікаў, успрыманню літаратуры як працэсу. На гэтым этапе навучання ў вучняў інтэнсіўна фарміруецца сістэма каштоўнасных арыентацый, ідэалаў і перакананняў, інтарэсаў і схільнасцей. Таму ў праграму ўключаны творы маральна-этычнай праблематыкі, у якіх выяўляюцца канфлікты характараў, ідэй, поглядаў. Мастацкія тэксты размешчаны ў паслядоўнасці, якая адпавядае асноўным этапам развіцця літаратуры.

Значным кампанентам зместу літаратурнай адукацыі з’яўляецца сістэма тэарэтыка- і гісторыка-літаратурных паняццяў, звязаных з фарміраваннем уяўленняў аб развіцці і станаўленні мастацтва слова. На ІІІ ступені навучання паглыбляюцца веды вучняў пра структуру мастацкага твора, літаратурныя роды і жанры ў гістарычным аспекце, даецца ўяўленне пра асаблівасці творчай манеры, стылю пісьменніка. Асэнсаванне тэарэтычных пытанняў паспрыяе больш глыбокаму ўспрыманню літаратуры як мастацтва. У працэсе вывучэння манаграфічных тэм прадугледжана атрыманне старшакласнікамі крытыка-біяграфічных ведаў пра жыццё і творчасць пісьменнікаў.

2. Вучэбныя выданні

У 2021/2022 навучальным годзе будзе выкарыстоўвацца новы вучэбны дапаможнік па беларускай мове:

Беларуская мова: вучэбны дапаможнік для 11 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання, з электронным дадаткам для павышанага ўзроўню / Г.М. Валочка [і інш.]. – Мінск: НІА, 2021.

У 2021/2022 навучальным годзе будуць выкарыстоўваццановыя вучэбныя дапаможнікі па беларускай літаратуры:

Жуковіч, М.В. Беларуская літаратура : вучэбны дапаможнік для 5 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання: у 2 ч. / М.В. Жуковіч, В.У. Праскаловіч, Л.К. Цітова. – Мінск: НІА, 2021.

Мельнікава, З.П. Беларуская літаратура : вучэбны дапаможнік для 11 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання, з электронным дадаткам для павышанага ўзроўню / З.П. Мельнікава [і інш.]; пад рэд. З.П. Мельнікавай, Г.М. Ішчанкі. Мінск: НІА, 2021.

На нацыянальным адукацыйным партале (http://e-padruchnik.adu.by) размешчаны электронныя версіі новых вучэбных дапаможнікаў па беларускай мове і літаратуры.

Звяртаем увагу на тое, што спасылкі на электронны адукацыйны рэсурс (далей – ЭАР) у новых вучэбных дапаможніках дазваляюць дыферэнцаваць і індывідуалізаваць адукацыйны працэс, арганізаваць работу з вучнямі з розным узроўнем адукацыйнай падрыхтоўкі і матывацыі да вывучэння вучэбнага прадмета.

Вучэбны матэрыял, які выкладзены ў новых вучэбных дапаможніках, цалкам адпавядае вучэбным праграмам і дастатковы для атрымання адзнак, якія адпавядаюць усім пяці ўзроўням засваення вучэбнага матэрыялу. Настаўнік мае магчымасць выбару творчых заданняў, якія адпавядаюць пазнавальным магчымасцям вучняў.

Прыкладнае каляндарна-тэматычнае планаванне для XІ класа размешчана на нацыянальным адукацыйным партале: https://adu.by/ Галоўная / Адукацыйны працэс. 2021/2022навучальны год / Агульная сярэдняя адукацыя / Вучэбныя прадметы. V–XI класы / Беларуская мова, Беларуская літаратура.

Да вучэбнага дапаможніка «Беларуская літаратура. 6 клас» на нацыянальным адукацыйным партале https://adu.by/ Галоўная / Адукацыйны працэс. 2021/2022 навучальны год / Агульная сярэдняя адукацыя / Вучэбныя прадметы. VXI класы / Беларуская мова, Беларуская літаратура) размешчаны матэрыялы, неабходныя для выканання прапанаваных у дапаможніку творчых заданняў (ілюстрацыйны матэрыял, аўдыя- і відэазапісы). Дадатковае выкарыстанне ЭАР спрыяе значнаму пашырэнню адукацыйных магчымасцей вучэбнага дапаможніка.

У дапамогу настаўніку для рэалізацыі ў адукацыйным працэсе кампетэнтнаснага падыходу выдадзены дыдактычныя і дыягнастычныя матэрыялы (серыя «Кампетэнтнасны падыход»):

Беларуская мова. 10 клас. Дыдактычныя і дыягнастычныя матэрыялы (базавы і павышаны ўзроўні): дапаможнік для настаўнікаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання / Г.М. Валочка, В.У. Зелянко, С.М. Якуба. – Мазыр: Выснова, 2021.

Беларуская мова. 11 клас. Дыдактычныя і дыягнастычныя матэрыялы (базавы і павышаны ўзроўні): дапаможнік для настаўнікаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання / Г.М. Валочка, В.У. Зелянко, С.М. Якуба. – Мазыр: Выснова, 2021.

Беларуская літаратура. 10 клас. Дыдактычныя і дыягнастычныя матэрыялы (базавы і павышаны ўзроўні): дапаможнік для настаўнікаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання / І.А. Пінголь. – Мазыр: Выснова, 2021. 

Беларуская літаратура. 11 клас. Дыдактычныя і дыягнастычныя матэрыялы (базавы і павышаны ўзроўні): дапаможнік для настаўнікаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання / В.У. Праскаловіч, Т.У. Логінава. – Мазыр: Выснова, 2021.

Поўная інфармацыя аб вучэбна-метадычным забеспячэнні адукацыйнага працэсу па вучэбных прадметах «Беларуская мова» і «Беларуская літаратура» да 2021/2022 навучальнага года размешчана на нацыянальным адукацыйным партале: https://adu.by/ Галоўная / Адукацыйны працэс. 2021/2022навучальны год / Агульная сярэдняя адукацыя / Вучэбныя прадметы. V–XI класы / Беларуская мова, Беларуская літаратура.

3. Арганізацыя адукацыйнага працэсу на павышаным узроўні

На ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі вучэбныя прадметы «Беларуская мова» і «Беларуская літаратура» могуць вывучацца на павышаным узроўні ў VIII іIX класах у аб’ёме не больш за 2 дадатковыя вучэбныя гадзіны на тыдзень.

Рэкамендацыі па арганізацыі вывучэння беларускай мовы і літаратуры на павышаным узроўні размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале: https://adu.by/ Галоўная / Адукацыйны працэс. 2021/2022навучальны год / Агульная сярэдняя адукацыя / Вучэбныя прадметы. V–XI класы / Беларуская мова, Беларуская літаратура.

Пры вывучэнні вучэбных прадметаў «Беларуская мова» і «Беларуская літаратура» ў X і XІ класах на павышаным узроўні выкарыстоўваюцца электронныя дадаткі для павышанага ўзроўню: «Беларуская мова. 10 клас», «Беларуская літаратура. 10 клас», «Беларуская мова. 11 клас», «Беларуская літаратура. 11 клас», размешчаныя на рэсурсе (profil.adu.by), якія ўключаюць вучэбны матэрыял базавага і павышанага ўзроўняў. Адначасова могуць выкарыстоўвацца друкаваныя выданні вучэбных дапаможнікаў, якія прадугледжаны для вывучэння беларускай мовы і беларускай літаратуры на базавым узроўні.

Метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі адукацыйнага працэсу на павышаным узроўні ў X–XI класах устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з выкарыстаннем новых вучэбных дапаможнікаў размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале: https://adu.by/ Галоўная / Адукацыйны працэс. 2021/2022навучальны год / Агульная сярэдняя адукацыя / Вучэбныя прадметы. V–XI класы / Беларуская мова, Беларуская літаратура

4. Асаблівасці арганізацыі адукацыйнага працэсу

Рэалізацыя выхаваўчага патэнцыялу вучэбнага прадмета. У 2021/2022 навучальным годзе неабходна звярнуць асаблівую ўвагу на рэалізацыю ў адукацыйным працэсе выхаваўчага патэнцыялу вучэбнага прадмета. Рашэнне гэтай задачы звязана з дасягненнем навучэнцамі асобасных адукацыйных вынікаў.

Вучэбнай праграмай па вучэбным прадмеце «Беларуская мова» прадугледжана дасягненне вучнямі наступных асобасных адукацыйных вынікаў: валоданне беларускай мовай як сродкам пазнання свету, далучэння да культуры як сістэмы каштоўнасцей і нормаў паводзін; валоданне пачуццём патрыятызму, захаванне нацыянальнай ідэнтычнасці ў полікультурным соцыуме; дэманстрацыя ўстойлівай цікавасці да самастойнай дзейнасці, самапазнання, самаразвіцця; здольнасць да супрацоўніцтва і камунікацыі ў розных сітуацыях і ўмовах маўленчых зносін.

Пры фармулёўцы выхаваўчых задач урока варта арыентавацца на названыя асобасныя адукацыйныя вынікі.

У змесце вучэбнага прадмета «Беларуская мова»ў найбольшай ступені на дасягненне асобасных адукацыйных вынікаў арыентаваны ўступныя тэмы («Мова – найважнейшы сродак зносін», 5 клас; «Беларуская мова – нацыянальная мова беларускага народа», 6 клас; «Валоданне літаратурнай мовай – асноўны паказчык культуры чалавека», 7 клас; «Роля беларускай мовы ў развіцці нацыянальнай культуры», 8 клас і інш.), а таксама раздзелы: «Маўленне», «Тэкст», «Стылі маўлення», «Культура вуснага і пісьмовага маўлення».

На кожным уроку пры вывучэнні кожнай тэмы неабходна ствараць умовы для фарміравання ў вучняў усведамлення ролі мовы ў пазнанні свету і практычнай маўленчай дзейнасці, адказнасці, арганізаванасці, дысцыплінаванасці, самастойнасці, добрасумленнага стаўлення да вучобы і працы, ініцыятыўнасці, гатоўнасці і здольнасці да ўзаемаразумення, дыялогу і супрацоўніцтва, авалодання культурай маўленчых зносін у розных сферах дзейнасці, развіцця пазнавальнай культуры, моўных, інтэлектуальных магчымасцей. Асаблівай увагі патрабуе асэнсаванне беларускай мовы як нацыянальнай культурнай каштоўнасці, фарміраванне асэнсаванага ўспрымання вучнямі беларускай літаратурнай мовы як сродку замацавання культурных традыцый, маральных каштоўнасцей грамадства; фарміраванне ў вучняў пачуцця прыгажосці, мілагучнасці, выразнасці, эстэтычнай вартасці беларускай мовы.

Пры арганізацыі адукацыйнага працэсу неабходна асаблівую ўвагу надаваць развіццю культуры вуснага і пісьмовага маўлення вучняў, умення карэктна ставіцца да іншых пунктаў гледжання, праяўляць паважлівае стаўленне да суразмоўцы, прытрымлівацца прынятых у грамадстве сацыяльных і маральных нормаў, агульначалавечых каштоўнасцей.

Рэалізацыю выхаваўчага патэнцыялу вучэбнага прадмета «Беларуская мова»забяспечваюць лінгвакультуралагічны і сацыякультурны падыходы да навучання беларускай мове, якія арыентуюць на ўзаемазвязанае вывучэнне мовы і культуры, у выніку чаго вучні не толькі засвойваюць культуразнаўчую інфармацыю, але і набываюць уменні карыстацца ёю з мэтай забеспячэння паўнацэннай камунікацыі, фарміруюць уласнае культурнае аблічча.

Багатым выхаваўчым патэнцыялам валодаюць культуразнаўчыя тэксты, якія выкарыстоўваюцца на ўроку мовы ў якасці дыдактычнага матэрыялу. Пры працы з такімі тэкстамі мэтазгодна праз каментарый або аналіз зместу звяртаць увагу вучняў на факты духоўнай і матэрыяльнай культуры беларускага народа: традыцыі, мараль, побыт, жыццёвую філасофію, каштоўнасці, нацыянальныя сімвалы і інш.

З мэтай рэалізацыі выхаваўчага патэнцыялу вучэбнага прадмета рэкамендуецца выкарыстоўваць актыўныя метады і формы навучання (арганізацыя гутарак, публічных выступленняў, дыскусій, дыспутаў па праблемных пытаннях, сітуацыях, падрыхтоўка дакладаў, паведамленняў, напісанне самастойных тэкстаў пэўнага стылю і жанру, тэкстаў на адну тэму ў розных стылях маўлення, работ даследчага характару і інш.).

Вучэбнай праграмай па вучэбным прадмеце «Беларуская літаратура» прадугледжана дасягненне вучнямі наступных асобасных адукацыйных вынікаў: сфарміраванасць маральных каштоўнасных арыентацый, цэласнай сістэмы поглядаў на свет; усведамленне сябе грамадзянінам беларускай дзяржавы, сваёй этнічнай прыналежнасці; праяўленне павагі да нацыянальнай культурнай спадчыны; усведамленне значнасці сацыяльна адказных паводзін; праяўленне міжэтнічнай і міжкультурнай талерантнасці; гатоўнасць і здольнасць да ўзаемаразумення, дыялогу і супрацоўніцтва; паважлівае стаўленне да чужога меркавання; здольнасць да эстэтычнага ўспрымання навакольнага свету; дэманстрацыя ўстойлівай цікавасці да самастойнай дзейнасці, самаразвіцця, самапазнання; праяўленне эмацыянальнай сталасці, гатоўнасць да выбару адукацыйнай траекторыі ў адпаведнасці з уласнымі магчымасцямі, здольнасцямі і інтарэсамі.

Пры фармулёўцы выхаваўчых задач урока неабходна арыентавацца на названыя асобасныя адукацыйныя вынікі.

Важным сродкам дасягнення вучнямі асобасных вынікаў з’яўляецца разуменне імі каштоўнасных арыенціраў пісьменнікаў і літаратурных герояў.

На ўроках беларускай літаратуры рэкамендуецца:

пры вывучэнні жыццёвага і творчага шляху пісьменнікаў акцэнтаваць увагу на тых момантах, якія дэманструюць вучням узор паводзін Чалавека і Грамадзяніна;

пры аналізе літаратурнага твора звяртаць увагу вучняў на словы і ўчынкі літаратурных герояў, якія ілюструюць гуманныя адносіны да навакольнага свету (беражлівыя адносіны да прыроды, жывёл, рэчаў, культурнай спадчыны краіны); прававую і маральную культуру (захаванне законаў і маральных норм, адданасць агульначалавечым каштоўнасцям); грамадзянска-патрыятычную пазіцыю (паважлівыя адносіны да гісторыі і культуры сваёй краіны, жаданне прынесці ёй карысць); паважлівыя адносіны да працы, імкненне павышаць свой узровень адукацыі і г.д.

Пры вывучэнні літаратурных твораў рэкамендуецца ўключаць вучняў у розныя віды дзейнасці, прапаноўваць ім разнастайныя заданні, пры выкананні якіх вучні будуць аналізаваць жыццёвыя сітуацыі, у якіх апынуліся літаратурныя героі, і прынятыя імі рашэнні. Важна, каб пры гэтым вучні прымянялі крытэрыі маральна-этычнай ацэнкі ўчынкаў і падзей, усведамлялі і прымалі (або не прымалі) духоўна-маральныя ідэалы герояў; знаходзілі ў мастацкіх творах арыенціры для ўласных паводзін у розных жыццёвых абставінах.

Для рэалізацыі выхаваўчага патэнцыялу вучэбнага прадмета ў працэсе работы з мастацкім творам прапануецца выкарыстоўваць наступныя заданні:

заданні, арыентаваныя на практычную дзейнасць і сувязь з паўсядзённым жыццём (параўнальны аналіз пейзажных карцін у мастацкім творы і роднай для вучня прыроды; ліст ветэрану, заснаваны на ўражанні аб вывучаным творы пра Вялікую Айчынную вайну; дыспут пра маральны выбар герояў твораў; стварэнне інтэрнэт-старонак, прысвечаных памятным падзеям, апісаным у літаратурных творах);

заданні, якія дазваляюць звязаць вывучаемы матэрыял з асабістым сацыяльным вопытам і ўяўленнямі пра сацыяльнае жыццё і паводзіны людзей у грамадстве (інсцэніраванне фрагментаў мастацкіх твораў з наступным абмеркаваннем; стварэнне альтэрнатыўных сюжэтных ліній, фіналаў твораў з улікам змен у характары герояў, іх учынках; літаратурныя віктарыны, эстафеты, конкурсы; падрыхтоўка літаратурнай экскурсіі);

заданні, накіраваныя на выяўленне асобасных адносін вучняў да мастацкага твора, яго герояў (маляванне героя, падбор ілюстрацый, стварэнне вокладкі для кнігі, стварэнне дзённікавых запісаў героя, падрыхтоўка эмацыйнай партытуры настрою героя, складанне дыягнастычнай карты паводзін героя і інш.).

На ўроках беларускай літаратуры асаблівую ўвагу неабходна надаваць развіццю культуры маўлення вучняў, умення карэктна адносіцца да іншых меркаванняў, праяўляць паважлівыя адносіны да суразмоўца.

Неабходна ўлічваць, што асноватворным падмуркам любога ўрока літаратуры з’яўляецца непасрэдная праца з тэкстам мастацкага твора, які становіцца адпраўной кропкай у працэсе бесперапыннага выхавання.

Улічваючы вялікі выхаваўчы патэнцыял экскурсій, значную колькасць экскурсійных аб’ектаў і турыстычных маршрутаў мясцовага значэння, лічым неабходным актывізаваць выкарыстанне такой формы работы. З гэтай мэтай распрацаваны Пералік экскурсійных аб’ектаў і турыстычных маршрутаў, рэкамендуемых для наведвання навучэнцамі ў рамках правядзення вучэбных і факультатыўных заняткаў, пазакласных мерапрыемстваў з улікам зместу вучэбных праграм па вучэбных прадметах «Беларуская мова» і «Беларуская літаратура». Гэты пералік размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале: https://adu.by/ Галоўная / Адукацыйны працэс. 2021/2022 навучальны год / Арганізацыя выхавання.

Абавязковай умовай рэалізацыі выхаваўчага патэнцыялу экскурсій з’яўляецца выкарыстанне ў адукацыйным працэсе вынікаў азнаямлення вучняў з экскурсійнымі аб’ектамі. З гэтай мэтай у пераліку аб’ектаў пазначаны раздзелы (тэмы) вучэбнай праграмы, у рамках вывучэння якіх неабходна прапаноўваць вучням заданні з апорай на веды, ўражанні, уяўленні, набытыя падчас экскурсій.

На вучэбных занятках па беларускай літаратуры для работы з тэкстамі рэкамендуецца звяртацца да серыі кніг «Школьная бібліятэка» (спіс серыі кніг «Школьная бібліятэка» размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале: https://adu.by/ Галоўная / Адукацыйны працэс. 2021/2022навучальны год / Агульная сярэдняя адукацыя / Вучэбныя прадметы. V–XI класы / Беларуская мова, Беларуская літаратура.

Для арганізацыі і правядзення факультатыўных заняткаў прапануецца выкарыстоўваць вучэбныя праграмы, зацверджаныя Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь. Пералік вучэбна-метадычных комплексаў для факультатыўных заняткаў па вучэбным прадмеце «Беларуская мова» і вучэбныя праграмы факультатыўных заняткаў размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале: https://adu.by/ Галоўная / Адукацыйны працэс. 2021/2022навучальны год / Агульная сярэдняя адукацыя / Вучэбныя прадметы. V–XI класы / Беларуская мова, Беларуская літаратура.

Вучэбна-метадычны комплекс факультатыўных заняткаў «Вывучаем беларускі правапіс. V–ІХ класы» можна выкарыстоўваць у якасці дыдактычнага матэрыялу для правядзення арфаграфічных хвілінак і ўдасканалення арфаграфічнай пісьменнасці вучняў.

Звяртаем увагу:

для завучвання на памяць настаўнік прапануе толькі тыя вершы або празаічныя ўрыўкі з мастацкіх тэкстаў, якія вызначаны вучэбнай праграмай па беларускай літаратуры;

аб’ём і змест дамашняга задання настаўнік вызначае дыферэнцыравана, зыходзячы з канкрэтных мэт навучання і індывідуальных магчымасцей вучняў.

Пры ацэнцы вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў варта кіравацца Нормамі ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў агульнаадукацыйных устаноў па вучэбных прадметах, зацверджанымі загадам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 29.05.2009 № 674 (рэд. ад 18.06.2010 № 420, ад 29.09.2010 № 635).

Пры выстаўленні адзнакі за чвэрць неабходна ўлічваць наступнае: у выпадку, калі вучэбны матэрыял пэўнай тэмы (раздзела) па вучэбным прадмеце не ўяўляецца магчымым вывучыць у рамках чвэрці, выстаўленне адзнакі за гэтую чвэрць ажыццяўляецца як сярэдняе арыфметычнае адзнак па выніках бягучай атэстацыі (паўрочных балаў).

У выпадку адсутнасці вучня на ўроку, на якім праводзіўся тэматычны кантроль, у мэтах праверкі і ацэнкі засваення ім вучэбнага матэрыялу пэўнай тэмы (раздзела) па вучэбным прадмеце вучань павінен выканаць работу тэматычнага кантролю на любым іншым ўроку.

Нагадваем, што ў VІ–ХІ (ХІІ) класах да канца I чвэрці, а таксама ў V класе на працягу першага паўгоддзя захоўваецца аб’ём тэкстаў кантрольных работ, рэкамендаваны для папярэдняга класа.

У першым паўгоддзі ў V класе па беларускай мове праводзяцца толькі навучальныя пераказы, якія ацэньваюцца ў адпаведнасці з нормамі ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі для ІV класа.

У V–VIII класах пісьмовыя работы па беларускай літаратуры носяць толькі навучальны характар. Адзнакі за навучальныя работы выстаўляюцца па меркаванні настаўніка і павінны насіць стымулюючы характар. За навучальнае сачыненне адзнака выстаўляецца толькі па літаратуры.

Кантрольныя сачыненні па літаратуры пішуцца толькі
ў
IXXI (XII) класах. Адзнакі за сачыненне па беларускай літаратуры
ў IXXI (XII) класах выстаўляюцца па літаратуры і па мове (першая адзнака – па літаратуры, другая – па мове).

Тэматычны кантроль вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў па беларускай літаратуры ажыццяўляецца ў вуснай ці пісьмовай формах або ў іх спалучэнні. Ацэнкай вусных адказаў і пісьмовых работ неабходна заахвочваць глыбокае, індывідуальна-асобаснае ўспрыманне літаратуры як мастацтва слова.

Пры планаванні і арганізацыі пазакласнай работы па беларускай мове і літаратуры рэкамендуем звярнуць увагу накаляндар юбілейных дат і каляндар міжнародных і дзяржаўных свят, якія будуць адзначацца ў 2021/2022 навучальным годзе.

Каляндар юбілейных дат

верасень:

120-годдзе з дня нараджэння Віталя Вольскага

90-годдзе з дня нараджэння Ніла Гілевіча

лістапад:

125-годдзе з дня нараджэння Міхася Чарота

120-годдзе з дня нараджэння Міхася Зарэцкага

снежань:

130-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча

студзень:

75-годдзе з дня нараджэння Георгія Марчука

люты:

115-годдзе з дня нараджэння Алеся Звонака

85-годдзе з дня нараджэння Міхася Стральцова

сакавік:

135-годдзе з дня нараджэння Алеся Гаруна

красавік:

75-годдзе з дня нараджэння Алеся Жука

май

75-годдзе з дня нараджэння Раісы Баравіковай

120-годдзе з дня нараджэння Язэпа Пушчы

ліпень:

140-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы

жнівень:

105-годдзе з дня нараджэння Янкі Брыля

105-годдзе з дня нараджэння Пімена Панчанкі

Каляндар міжнародных і дзяржаўных свят

5 верасня

Дзень беларускага пісьменства

21 лютага

Міжнародны дзень роднай мовы

3 сакавіка

Сусветны дзень пісьменніка

21 сакавіка

Сусветны дзень паэзіі

27 сакавіка

Сусветны дзень тэатра

2 красавіка

Міжнародны дзень дзіцячай кнігі

18 мая

Сусветны дзень музеяў

5. Выпускны экзамен

Выпускны экзамен па вучэбным прадмеце «Беларуская мова» для вучняў ІХ класа па завяршэнні навучання і выхавання на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі ў 2021/2022 навучальным годзе будзе праводзіцца ў форме дыктанта.

Выпускны экзамен па беларускай мове для вучняў ХІ класа па завяршэнні навучання і выхавання на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі ў 2021/2022 навучальным годзе будзе праводзіцца ў форме пераказу па розных тэкстах для вучняў, якія вывучаюць беларускую мову на павышаным узроўні, і для вучняў, якія вывучаюць беларускую мову на базавым узроўні.

6. Дадатковыя рэсурсы

Карысную інфармацыю пры падрыхтоўцы да вучэбных заняткаў можна знайсці на наступных інтэрнэт-рэсурсах:

http://edu.gov.byМіністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь;

https://adu.byНацыянальны адукацыйны партал;

http://www.belarus.by/ru/travel/heritage–афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь;

https://www.belstat.gov.by– афіцыйны сайт Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь;

https://www.nlb.by – Нацыянальная бібліятэка Беларусі;

http://www.kupalauski.by– Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы;

http://bellit.museum.by/beДзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры;

http://bagdanovich.museum.byЛітаратурны музей Максіма Багдановіча;

http://www.yakubkolas.byДзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа;

http://www.kupala-museum.by – Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы;

http://www.lim.byрэдакцыйна-выдавецкая ўстанова «Выдавецкі дом „Звязда“».

Пры арганізацыі адукацыйнага працэсу можна выкарыстоўваць адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс (https://eior.by). Яго прызначэнне – падтрымка навучэнцаў, якія атрымліваюць агульную сярэднюю адукацыю ў адпаведнасці з індывідуальным вучэбным планам, а таксама навучэнцаў, якія па ўважлівых прычынах часова не могуць наведваць установу адукацыі.

7. Арганізацыя метадычнай работы

У 2021/2022 навучальным годзе дзейнасць метадычных фарміраванняў настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры рэкамендуецца арганізаваць па тэме: «Удасканаленне прафесійнай кампетэнтнасці настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры па выкарыстанні тэхналогіі візуалізацыі вучэбнай інфармацыі ў сучасным адукацыйным працэсе».

Пры планаванні метадычнай работы з настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры ў 2021/2022 навучальным годзе варта ўлічваць патрабаванні нарматыўных прававых актаў, актуальныя пытанні развіцця прадметнай адукацыі, інтарэсы і запыты педагогаў, іх прафесійныя кампетэнцыі.

На жнівеньскіх прадметных секцыях варта абмеркаваць наступныя пытанні:

1. Асаблівасці арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ў 2021/2022 навучальным годзе:

абноўленыя вучэбныя праграмы па вучэбных прадметах «Беларуская мова», «Беларуская літаратура» для XI класа;

новыя вучэбныя дапаможнікі па вучэбных прадметах «Беларуская мова» і «Беларуская літаратура», асаблівасці працы з імі пры арганізацыі вучэбна-пазнавальнай дзейнасці вучняў;

эфектыўнасць выкарыстання ў адукацыйным працэсе кампанентаў вучэбна-метадычных комплексаў па вучэбных прадметах «Беларуская мова», «Беларуская літаратура»;

адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс: прызначэнне, змест, магчымасці выкарыстання ў адукацыйным працэсе.

2. Планаванне работы метадычных фарміраванняў у 2021/2022 навучальным годзе:

аналіз работы метадычных фарміраванняў у 2020/2021 навучальным годзе;

тэндэнцыі развіцця моўнай адукацыі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі раёна, актуальныя праблемы і шляхі іх вырашэння;

планаванне работы метадычнага аб’яднання, творчай групы, школы маладога настаўніка і іншых метадычных фарміраванняў на 2021/2022 навучальны год.

На пасяджэннях метадычных фарміраванняў настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры (метадычнае аб’яднанне, школа маладога настаўніка, школа ўдасканалення педагагічнага майстэрства, творчыя групы і інш.) рэкамендуецца разгледзець актуальныя пытанні тэорыі і методыкі выкладання вучэбных прадметаў, выкарыстання сучасных тэхналогій візуалізацыі ў адукацыйным працэсе з улікам эфектыўнага вопыту педагогаў рэгіёна:

візуалізацыя вучэбнай інфармацыі ў вучэбных дапаможніках па беларускай мове і літаратуры як эфектыўны сродак фарміравання прадметных і метапрадметных кампетэнцый;

выхаваўчы патэнцыял урокаў беларускай мовы і літаратуры;

інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі і арганізацыя вучэбна-пазнавальнай дзейнасці вучняў;

арганізацыя вучэбна-пазнавальнай дзейнасці вучняў на вучэбных занятках па беларускай мове і літаратуры з выкарыстаннем развіццёвага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя;

выкарыстанне сродкаў і тэхнік візуалізацыі вучэбнай інфармацыі падчас рэалізацыі ўнутрыпрадметных і міжпрадметных сувязей на вучэбных занятках па беларускай мове і літаратуры;

кагнітыўная візуалізацыя вучэбнай інфармацыі (схемы, графікі, табліцы, апорныя канспекты, інтэлект-карты і інш.) як сродак павышэння выніковасці адукацыйнага працэсу па беларускай мове і літаратуры;

візуалізацыя як адзін са сродкаў фарміравання чытацкай пiсьменнасцi вучняў на вучэбных занятках па беларускай мове і літаратуры;

выкарыстанне інфаграфікі на ўроках беларускай літаратуры пры вывучэнні мастацкіх твораў і біяграфічнага матэрыялу;

стварэнне другасных тэкстаў (рэфератаў, канспектаў, тэзісаў, планаў, алгарытмаў і інш.) пры вывучэнні беларускай мовы і літаратуры з выкарыстаннем сродкаў візуалізацыі вучэбнага матэрыялу;

выкарыстанне вучэбных матэрыялаў адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу для арганізацыі самастойнай работы вучняў;

праектаванне вучэбных заняткаў па беларускай мове і літаратуры з выкарыстаннем сучасных метадаў і сродкаў візуалізацыі інфармацыі;

праектаванне вучэбных заняткаў па беларускай мове і літаратуры з выкарыстаннем тэхнік візуалізацыі як аднаго са сродкаў рэалізацыі выхаваўчага патэнцыялу ўрока.

Падрабязная інфармацыя пра курсавыя і міжкурсавыя мерапрыемствы, рэкамендацыі па змесце і арганізацыі метадычнай работы з настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры ў 2021/2022 навучальным годзе размешчаны на сайце дзяржаўнай установы адукацыі «Акадэмія паслядыпломнай адукацыі» (www.academy.edu.by).

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.