Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 9 человек

Неделя белорусского языка и литературы

Дата: 4 декабря 2022 в 20:25, Обновлено 17 декабря 2022 в 20:33
Автор: Зорина Н. И.
80 просмотров

У перыяд з 28.11.2022 па 02.12.2022 г. праходзіў Тыдзень беларускай мовы і літаратуры. У рамках Тыдня былі запланаваны і праведзены разнастайныя пазнавальныя мерапрыемствы, адкрытыя ўрокі. На першым паверсе на інфармацыйным стэндзе быў распісаны кожны дзень Тыдня, падрыхтаваны цікавы і займальны матэрыял для вучняў. 28 лістапада 2022 года адбылося адкрыццё Тыдня беларускай мовы і літаратуры, была праведзена праграма-анонс мерапрыемстваў.

29 лістапада 2022 года прайшла акцыя “Роднаму слову прызнанне ў любові”, вучні пісалі віншавальныя паштоўкі, прысвечаныя роднай мове. Для вучняў 8 “Б” класа ў гэты дзень была арганізавана гульня “Ці ведаеш ты сваю мову?” Прымалі ўдзел дзве каманды: “Валошкі” і “Рамонкі”, якім прапаноўваліся разнастайныя конкурсы. Неабходна было адгадаць загадкі, растлумачыць значэнне прапанаваных слоў, зрабіць пераклад слоў; з літар, якія ўваходзяць у слова пралеска, скласці свае словы і іншыя. Гледачы таксама не былі пакінуты без увагі, ім прапаноўваліся заданні. І каманды, і гледачы ўдала справіліся з выпрабаваннямі. У выніку перамагла каманда “Рамонкі”, у склад якой уваходзілі хлопцы класа: Церашкоў Іван, Яскін Максім, Мамонаў Уладзімір, Селядцоў Яраслаў, Ткачэнка Іван, Салаў Мікіта, Зуеў Андрэй. Не менш захапляльнай была гульня “Разумнікі і разумніцы”, якая праходзіла для вучняў 7 “Б” класа. У час гульні падлеткі змаглі праявіць сваю кемлівасць і знаходлівасць, змаглі даказаць, што ведаюць родную мову і літаратуру.

У гэты дзень вучні ўсёй школы змаглі прыняць удзел у акцыі “Беларускія прыказкі. Бабулін скарб”. На інфармацыйным стэндзе прапаноўвалася знайсці пачатак і канец прыказкі, злучыць іх у адно цэлае і агучыць. 30 лістапада 2022 года – дзень, багаты на мерапрыемствы. На першым паверсе каля інфармацыйнага стэнда прайшла акцыя “Маё беларускае слова”, была арганізавана выстава “Нацыянальныя сімвалы Беларусі”. У гэты дзень прайшоў адкрыты ўрок па беларускай мове ў 6 “А” класе, які правяла настаўнік школы Запрудская В.І. Урок быў прысвечаны тэме “Назоўнікі адушаўлёныя і неадушаўлёныя”. Вучні замацавалі веды па тэме “Назоўнік” і вучыліся адрозніваць адушаўлёныя і неадушаўлёныя назоўнікі. Таксама адкрыты ўрок па беларускай мове прайшоў у 8 “А” класе, яго праводзіла настаўнік Станкевіч А.У. На занятку вучні разгледзелі тэму “Даданыя члены сказа: дапаўненне, азначэнне, акалічнасць; іх граматычнае значэнне. Дапасаваныя і недапасаваныя азначэнні, спосабы іх выражэння”, узнавілі веды па даданых членах сказа, пазнаёміліся з дапасаванымі і недапасаванымі азначэннямі, якімі часцінамі мовы яны могуць быць выражаны, вучыліся размяжоўваць гэтыя віды азначэнняў. Васьмікласнікі запісвалі сказы, рабілі іх сінтаксічны разбор, складалі па правілу схему, выконвалі заданні і тэст. Урокі настаўнікаў прайшлі на высокім узроўні і атрымалі добрую адзнаку калег.

1 снежня 2022 года для вучняў 9 “А” класа прайшоў аўкцыён “Гэтыя дзіўныя фразеалагізмы. Растлумач фразеалагізм”. Падлеткі паказалі, што ведаюць фразеалагізмы на дастатковым узроўні, даволі хутка могуць растлумачыць іх значэнне. Для вучняў 7-х класаў у бібліятэцы Сарокінай Т.Л. была арганізавана і праведзена віктарына па творчасці Я. Коласа і Я. Купалы. На пытанні сямікласнікі адказвалі хутка і змястоўна, паказалі добрае веданне жыццёвага і творчага шляху пісьменнікаў. Каля інфармацыйнага стэнда ў гэты дзень прайшла акцыя “Любімае слова на беларускай мове”. Самы актыўны ўдзел у гэтым мерапрыемстве прыняў 8 “А” клас. Вучні падзяліліся словамі, якія ім найбольш падабаюцца ў беларускай мове сваім гучаннем.

2 снежня 2022 года на першым паверсе каля інфармацыйнага стэнда прайшла акцыя “Рускай мове дай разгрузку – размаўляй па-беларуску”, вучні паказалі веданне роднай мовы, але шмат каму з іх яшчэ трэба працаваць над папаўненнем слоўнікавага запасу па беларускай мове, для гэтага неабходна больш чытаць твораў мастацкай літаратуры. У гэты дзень для дзесяцікласнікаў праходзіла мерапрыемства па гістарычным экскурсе “Ад Ефрасінні, ад Скарыны… Ад Полацка пачаўся свет…” Вучні паказалі добрае валоданне гісторыяй літаратуры. Адкрыты ўрок прайшоў у 5 “А” класе. Яго правяла настаўнік беларускай мовы і літаратуры Паршэва А.А. Урок быў прысвечаны тэме “Сказы з абагульняльнымі словамі пры аднародных членах, знакі прыпынку”. Вучні пазнаёміліся з абагульняльнымі словамі, з умовамі пастаноўкі знакаў прыпынку пры іх. Пяцікласнікі запісвалі сказы, рабілі іх разбор, вучыліся расстаўляць знакі прыпынку пры аднародных членах сказа, пры абагульняльных словах. Урок быў прадуманы і арганізаваны, атрымаў добрую адзнаку ў калег.

У канцы тыдня падвялі вынікі акцыі “Сэлфі па-беларуску”. Самымі актыўнымі ў гэтым мерапрыемстве былі 6 “А”, 6 “Б”, 8 “А” і 11 класы. Арыгінальна і творча падышлі да фатаграфавання 6”А” і 6 “Б” классы. Яны і сталі пераможцамі акцыі. Трэба адзначыць, што ўсе мерапрыемствы Тыдня беларускай мовы і літаратуры праведзены на дастаткова высокім узроўні. Усе мерапрыемствы, былі яркімі, запамінальнымі і давалі магчымасць праявіць вучням свае здольнасці. Для вучняў школы тыдзень атрымаўся насычаным, цікавым, плённым і карысным. Вучні з задавальненнем удзельнічалі ў мерапрыемствах. У сценах школы гучала беларускае слова, яно выхоўвала, падтрымлівала і дарыла радасць. Мерапрыемствы Тыдня садзейнічалі развіццю інтэлектуальных магчымасцей вучняў, іх творчых здольнасцей, выхаванню любові і павагі да роднай мовы, падтрымлівалі цікавасць да яе вывучэння.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.